30 траўня 1999 года адбылася страшная трагедыя ў падземным пераходзе метро «Няміга» у Менску, у якой загінулі 53 чалавекі. Большасці з іх было ад 14 да 20 гадоў. У той ракавы дзень каля Палаца спорту праходзіў піўны фестываль. Бліжэй к вечару падчас канцэрта гурта «Манга-Манга» пачалася навальніца, якая суправаджалася буйным градам. Некалькі сотняў маладых людзей пабеглі да бліжэйшага падземнага пераходу схавацца ад залевы. У распачатай цісканіне, якая, паводле слоў відавочцаў, доўжылася не больш за 10 хвілін, загінулі 53 чалавекі (у асноўным ад удушша), сярод якіх былі 42 дзяўчыны і два супрацоўнікі міліцыі. Яшчэ каля 300 чалавек атрымалі розныя траўмы. Доўгі час у падземным пераходзе станцыі «Няміга» існавала «сцяна плачу»: родныя і сябры загінулых вешалі ў пераходах фотаздымкі, іконы, тэксты малітваў, запальвалі свечкі ў памяць аб ахвярах. 30 траўня 2002 года на месцы трагедыі быў усталяваны мемарыял у выглядзе 53 руж, раскіданых па прыступках, а таксама маленькая капліца з металічнай плітой усярэдзіне, на якой высечаны імёны загінулых.