ПРАЦЯГВАЮ БАНЕРНЫЯ ВАНДРОЎКІ, ГЭТЫМ РАЗАМ МАЛАДЗЕЧНА! Патэлефанавалі мне з Маладзечанскага выканкама і паведамілі, што беларускі банер зроблены па маім звароце, размешчаны на скрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Віленская. Рушыла ў падарожжа, каб гэты твор мастацтва сфатаграфаваць і канечне ж пазнаёміцца з горадам Маладзечна. Да нашай з мужам вандроўкі далучылася пісьменніца і мастачка Людміла Андзілеўка. Мы з ёй сябруем у ФБ, дык з’явілася нагода развіртуаліцца, у кампаніі падарожнічаць весялей і цікавей. Навігатар заблытаўся і завёз нас у Маладзечна са сваеасаблівага накірунку з файнай назвай вуліца Янкі Купалы і тут адразу ўбачылі плошчу Старое Месца, а навокал шмат беларускіх надпісаў і шыльд. З задавальненем увасобіла іх на здымках, атрымаўся значны фотаўлоў. Ды яшчэ павільён “Белдруку” вабіў адчыненымі дзявярыма. Усёй пачэснай мінскай кампаніяй завіталі мы ў мясцовы “Белдрук”. - Ці ёсць у вас выданні на беларускай мове? – спытала ў прадавачкі і патлумачыла, - кіраўніцтва “Белдруку” абяцала завезці, я ім запыт дасылала. - Так вы с проверкой? – засяроджана ўдакладніла працаўніца кнігагандлю. - Накшталт таго, ды яшчэ экскурсію па горадзе зробім і беларускі банер паглядзім. - Сейчас найдём нужные книги, - прадавачка хутка адшукала на паліцах і прадставіла для агляду некалькі друкаваных экзэмпляраў. І пайшла між намі гамонка весела і звонка. Маладая дзяўчына тым часам зайшла ў павільён нешта купіць і ўважліва слухала, як мы з Людмілай заўзята вядзём гутарку роднай мовай. - Как красиво звучит белорусский язык! – з захапленнем прамовіла яна. - І Вы далучайцесся, таксама размаўляйце па-беларуску, - падахвоціла я суразмоўцу. - Знаете, а мы c племянником постановили белорусские четверги, в этот день недели говорим по-белорусски, правда результаты пока так себе, иногда в разговоре проскакивают русские слова с белорусским акцентом, например, слово “ваабшчэ” – з гумарам апавядала дзяўчына. - Нармальна ўсё ідзе, з часам напрактыкуецеся і будзеце вольна размаўляць. Пазнаёміліся, нашу прыемную суразмоўцу звалі Таццяна, дзяўчына пагадзілася, што трэба далей ўдасканальваць беларускую мову. Дарэчы, яна лінгвіст, прыгадала, калі вучылася ва ўніверы, то ў інтэрнаце з ёй жыла студэнтка, якая размаўляла заўсёды ці па-англійску, ці па-беларуску. Людміла Андзілеўка падарыла маладой жыхарцы Маладзечна сваю кнігу з аўтографам аўтаркі. Таццяна весела адзначыла, што сёння ў яе незвычайны дзень! Ага! У нас таксама! Рушылі далей, знайшлі беларускі банер у самым цэнтры горада, красуецца на ўзвышшы на галоўнай вуліцы Вялікі Гасцінец: “Мая Радзіма. Мой бацькоўскі кут. Шчаслівы той, хто нарадзіўся тут.” Дарэчы, у Маладзечне шмат вуліц з беларускімі назвамі, гэта грэе душу. Маладыя хлопцы ўбачылі, што мы робім фота цікавостак, мабыць, вызначылі ў нас турыстаў і па-сяброўску памахалі рукой. Маладзечанцы ветлівыя, усмешлівыя і інтэлегентныя, ахвотна падказвалі, дзе, што знайсці і ў наш камп’ютарны век нават ведаюць, як прайсці ў бібліятэку, мясцовы жыхар сходу паказаў нам накірунак! І канечне ж мы туды завіталі. Бібліятэка салідная, зроблены шыкоўны рамонт, у ёй адчуваецца лёгкая атмасфера, шмат паветра і святла, мармуровая лесвіца запрашае на другі паверх, у залах чуюцца галасы дзяцей, а ў файе - выстава карцін. Сустрэліся з дырэктаркай Меднікавай Наталляй Міхайлаўнай, душэўна пагаманілі на розныя тэмы, пра літаратуру і пра мясцовых творцаў. Эх! Аднаго дня малавата, трэба ў Маладзечна прыязджаць дні на тры!?