ДАРОГА Р-28, ВІЛЕЙКА І БЕЛАРУСКІ БІЛБОРД Адкрываю для сябе розныя мясціны Беларусі, гэтым разам вандравала ў Вілейку, бо там білборд зрабілі па маім звароце. Каб даведацца, дзе менавіта ўсталяваны білборд, стэлефанавалася з супрацоўнікамі Вілейскага выканкаму і мне растумачылі: аб’ект знаходзіцца на дарозе Р-28 ля вёскі Ручавыя паблізу Вілейкі. Мы з мужам крыху заблукалі, бо імканулі на аўта ў горад з іншага боку. Бачу на ўзбочыне ў засені дрэў прыладзілася машына ДАІ, якраз нагода ў службоўцаў накірунак руху спраўдзіць, удакладніла ў маладога інспектара, дзе ж білборд шукаць? і паказала здымак з яго выявай, які мне з выканкма даслалі. Ён месца пазнаў па навакольнаму пейзажу. Пацікавілася ў працаўніка аўтаінспекцыі ці ўхваляе афармленне білборда з надпісам на беларускай мове “ Край мой верасовы – любая Вілейшчына мая”? - Конечно нравится, очень одобряю. От так, ДАІ за беларускія білборды! Вілейка пакідае прыемнае ўражанне, своеасаблівы адметны горад, і што характэрна, ў цэнтры на плошчы ўсе надпісы зроблены па-беларуску, кожны турыст адразу зразумее, што гэта горад Беларусі. Тут жа на пошчы суседнічаюць прыгожыя гістарычныя будынкі касцёла і царквы, а яскравасць кветак і зеляніны дапаўняюць крыштальныя пырскі фантанаў. Вілейчукі шануюць родную мову, фота з беларускімі надпісамі нашчоўкала шмат. Нават стаматолагі сябе прэзентуюць беларускамоўнай шыльдай. У гарадскім парку на агароджы радуюць вока плакаты “Вілейшчына мінулае і сучаснасць” і паркавымі сцяжынкамі шпацыруюць няспешныя жыхары горада. На плошчы - алея з партрэтамі выбітных людзей Вілейскага краю, звесткі пра іх пазначаны на беларускай мове, начыталася і пра акадэмікаў, і пра земляробаў, і пра людзей з творчымі дасягненнямі. І канечне ж завіталі ў бібліятэку, народ у залах круціцца, бяруць кнігі для чытання, а мы пагаманілі са Святланай Міхайлаўнай супрацоўніцай бібліятэкі, пытаюся: - Як Вам надпіс на білбордзе “ Край мой верасовы…” А яна ў захапленні падхапіла: - Любая Вілейшчына мая! – і распавяла нам, што гэта ж радкі з верша паэта Івана Лашуткі! І песня ёсць на яго верш, песня “Край мой верасовы” – візітоўка Вілейшчыны! Дарэчы, бібліятэцы прысвоена імя паэткі Ганны Новік, якая нарадзілася і ўзгадавалася ў гэтым чароўным краі. Мяне не пакідала ўражанне, што Вілейчукі жывуць пад лозунгам: “Любі сваё, шануй сваё!” А потым пайшлі ў народ, каб з жыхарамі горада пагаманіць. На мясцовым невялічкім рынку купіла сабе памідоры і жоўтыя смачныя слівы, светлавалосая ветлівая жанчына прадавала ўраджай са свайго падворку, пачуўшы ад мяне беларускую мову падтрымала гаворку па-беларуску і спытала: - Адкуль Вы? - З Мінску. - З Мінску? – крыху здзівілася мая суразмоўца, мабыць у яе ўяўленні мінчане па-беларуску не размаўляюць. - А Вілейчукі ці размаўляюць па-беларуску?- пацікавілася наконт мясцовых жыхароў. - Не сказаць, каб занадта чыста, але гавораць! Я ж сама родам з Капыльскага раёну і школу там беларускую некалі скончыла, а замуж выйшла ў Вілейцы, тут прыжылася, - ахвотна апавядала жанчына. Да размовы далучылася яе суседка, якая побач гандлявала маладой бульбачкай, і адзначыла, што яна родам з Салігоршчыны. - А я зараз жыву ў Мінску, але ж родам з Барысаўшчыны. Цікава атрымліваецца, Вы з Капыльшчыны, суседка з Салігоршчыны, я з Барысаўскага краю ды сустрэліся ў Вілейцы. Беларусы, з якога б месца не былі, заўсёды паразумеюцца. - Канечне паразумеемся! - з прыязнай усмешкай падцвердзіла мая суразмоўца. Вілейка - зачароўвае і аб’ядноўвае!?