АПОВЕД ПРА ЧАШНІКІ З БЕЛАРУСКІМ АКЦЭНТАМ Кіламетраў сем перад Чашнікамі трэба ехаць на аўта вузкай дарогай, паабапал ахопленай дрэвамі, здаецца тут можа сустрэцца толькі невялікая вёска, аж раптам вынырнулі на прастор і вачам адкрылася чыгуначная станцыя, далей горад, на ўездзе - новыя пяціпавярховікі. Адрузу ўбачылі будынак з цікавым, незвычайным пано на фасадзе, высветлілася, што ў доме месціцца гістарычны музей. - Нам экскурсію на беларускай мове – звярнуліся да супрацоўніцы культурніцкай установы. - О! Эта да Грыгаровіча, сейчас найдзём! – заўзята прамовіла ўсмешлівая жанчына. Праз пару хвілін да мінскіх турыстаў выйшаў навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Міхайлавіч Грыгаровіч і правёў нам па залах захапляльную экскурсію ды па-беларуску. Мяне асабліва ўразіла экспазіцыя з драўляннымі скульптурамі, сапраўдныя шэдэўры, у замежных музеях такой прыгажосці не ўбачыце, гэта менавіта наша беларускае непаўторнае мастацтва, і стварае скульптурнае дзіва Ганна Асіпкова - адзіная ў свеце жанчына скульптар па дрэве. Грунтоўна агледзілі музей, ён адметны, незвычайны, адлюстроўвае дух Чашнікаў і наваколля, нават дарэвалюцыйная лаўка купца маецца ў наяўнасці. За экскурсію заплацілі 7 РУБЛЁЎ. За такія грошы ў замежных музеях можна хіба што ў пярэдняй пастаяць. Беларусы, падарожнічайце па роднай краіне! адкрыеце для сябе скарабы нашай культурнай спадчыны! Імканулі далей на агледзіны Чашнікаў. Гарадок невялікі і даволі ўтульны, шмат прыватнай забудовы, звычайныя драўляныя вясковыя хаты суседнічаюць з новымі цаглянымі катэджамі. З гістрычных будынкаў добра захаваліся Дом купца і старадаўняя царква. Вуліцы прыгожа аздоблены квеценню. Банер, які мясцовы выканкам зрабіў па маім звароце, вельмі гарманічна ўладкаваны на цэнтральнай плошчы, у каго з мясцовых не спытаю, ці бачылі банер з радкамі верша Янкі Журбы? адразу падцвярджаюць, што бачылі і дзяўчынкі-школьніцы, і маладзіца, і адміністратарка рэстарана. Дарэчы, ў рэстаране смачна паабедалі з мужам за 25 р. на дваіх, яшчэ пагаманілі з адміністратаркай. Спытала ў яе, ці размаўляюць у Чашніках па-беларуску? Яна прызадумалася і паведаміла, што ў асноўным гавораць па-руску, беларускую мову зрэдку чуе. - Затое акцэнт беларускі вельмі выяўны ў мясцовых жыхароў, – адзначыла я. - Эта, да! – падцвердзіла адміністратарка. У рэстаранным меню назвы страў надрукаваны па-руску і чамусці па-англійску. Неяк не да места выглядаў у беларускай глыбінцы англійскій вектар. Прапанавала адміністратарцы дадаць у меню беларускія назвы, каб наведвальнікі маглі азнаёміцца, што ёсць бульба вараная, смажаніна, печава, і г.д., бо беларусы ж у асноўным харчуюцца, а з туманнага альбіёна ў мясцовым рэстаране мабыць рэдкія госці. Адміністратарка іранічна ўсміхнулася і прамовіла, што англійскія турысты ў Чашніцкі рэстаран пакуль не зазіралі. Абяцала ўпрыгожыць меню каларытнымі беларускамоўнымі найменямі страў. З Чашнікаў выпраўляліся іншым шляхам. У моцна скроенага, маладцаватага мужчыны, які браў ваду з калонкі, удакладнілі, як праехаць на Барысаў? - Па этай вуліцы да перакростка, патом павярніце налева, і дальшэ ўвідзіце запраўку, і ўжэ там сарэенціруецеся, – даваў ён тлумачэнні накірунку. А я падумала, гены пальцам не расціснеш, хоць па-руску гаманіў жыхар Чашнікаў, але ж з сакавітым беларускім акцэнтам.?