А ВЫ БЫВАЛІ Ў СЯННО? Нядаўна ажыццявіла падарожжа па маршруце Сянно-Бешанковічы. У гэтых райцэнтрах па маіх зваротах з’явіліся новыя беларускія надпісы. Спачатку пра Сянно. З Мінску ехалі па алімпійскай трасе, а як збочылі, дык апынуліся на гравійцы і кіламетраў з пятнаццаць па ёй шамацелі. Паабапал дарогі празрыстыя азёры, край запаведны. Праз некаторы час зноў вырулілі на асфальтавую дарогу і неўзабаве – Сянно. Горад даволі шырокі, бо шмат прыватнай забудовы, а цэнтр утульны і кампактны: бібліятэка, Дом культуры, адміністрацыйныя будынкі, рэстаран з пафаснай назвай “Акропаль”, парк, Замкавая гара, возера і г.д. Дарэчы, нанялі кватэру з шыкоўным еўрарамонтам усяго за 70 р. Жылплошчу нам дапамагала знайсці Таццянна, энергічная маладая жанчына, зараз займаецца арэндай, заўзята кіруе машынай, і … выдатна спявае, вакалістака, мае музычную адукацыю, высветлілася, што раней працавала ў сферы культуры. Пашанцавала нам, бо Таццяна распавяла пра славутасці Сенненшчыны, лёгка было арыентавацца, што і дзе паглядзець, нават даведаліся пра “Чортаў камень” – самы вялікі валун у Беларусі. Экскурсію пачалі з Замкавай гары, а там насупраць чароўнае возера. Прыгажосць. Абышлі ўвесь цэнтр. Падсілкавацца вырашылі ў пельменнай. Пытаюся ў работніцы сферы харчавання, ці гавораць у Сянно па-беларуску? - Канечне гавораць, вось я напрыклад размаўляю, праўда у нас свой мясцовы дыялект, – ўдакладніла яна наконт мовы зносін і яшчэ ахвотна распавяла пра мясцовыя цікавосткі. Неўзавбаве прынесла нам замоўленую ежу і з усмешкай прамовіла: “Смачна есці”. Абед пацягнуў 17 р. на дваіх. Нармальныя кошты. Вечарам з мужам шпацыравалі па начному гораду. Ціха, мінакоў на вуліцах амаль няма. Крыху заблукалі і сустрэліся нам дзве жанчыны, спыталі ў іх, як прайсці да крамы “Санта”, бо паблізу мы наймалі кватэру. І завязалася ў нас гамонка, зноў шмат даведаліся пра Сянно, пра знакамітых ураджэнцаў краю, скульптара Заіра Азгура і Матрону Маркевіч, аўтарку арнаменту сцяга Беларусі. Адна з жанчын, апавядаючы пра Сянно, пажартавала, маўляў, знаёмыя прыязджалі на госці і пацікавіліся : “ У вас тут горад ёсць?” - гэта таму, што з якога боку не заедзеш, усюды прыватны сектар. Горад ёсць , падцвярджаю, у мікрараёне шмат пяціпавярховікаў. Наступным днём экскурсію прадоўжылі. Бібліятэка сустрэла маляўнічым банерам на фасадзе. Дэрэктарка паведаміла, што выбіралі варыянт банера разам з супрацоўнікамі Віцебскага аблвыканкама, падзякавала мне за зварот, адзначыла, што прыемна, калі беларусы пішуць лісты па-беларуску і жадаюць больш роднай мовы ў надпісах. З загадчыцай аддзела абслугоўвання наведвальнікаў Вольгай выдатна кантактавалі па-беларуску, мова яе лілася срэбразвонным ручаём, натуральна і нязмушана, распавяла пра Сянно і ваколіцы, пра бібліобус, які калясіць па вёсках. Вольга адзначыла, што мясцовыя жыхары чытаюць: - Дэтэктывы - Кнігі на гістарычныя тэмы - Любоўныя раманы І асаблівай папулярнасцю карыстаецца сучасная літаратура выдадзеная на беларускай мове! Во як высветлілася. ПІШЫЦЕ ПА-БЕЛАРУСКУ, НАРОД ЧАКАЕ І ЧЫТАЕ! Яшчэ пабывалі ў музеі рамёстваў, у ім безліч разнастайных экспанатаў: маляванкі, народныя строі, вырабы з саломкі і інш. Падчас нашага візіту ў музеі якраз праходзіла экскурсія, група пенсіянерак слухала аповед пра традыцыйныя рамёствы. Вось такія цікаўныя пажылыя людзі ў Сянно, яшчэ яны займаюца саломапляценнем. Наогул, уражанне, што мясцовыя жыхары энергічныя, адкрытыя і актыўныя. Пазнаёміліся з Сянно і далей паехалі ў Бешанковічы, але гэта ўжо іншая гісторыя, працяг будзе.